Экскурс “Капцёўка — Гудзевічы”

14.01.17 ад нашай парафіі нядзельнай школай “Анёлкі” быў арганізаваны экскурс “Капцёўка — Гудзевічы”.

Паездку ўзначаліў  настаяцель іерэй Мікалай Гайдук.

Напачатку мы наведалі Капцёўку – парафія храма ў гонар Спачыну Багародзіцы, дзе служыць айцец Аляксандр Калацкі. Падарожныя памаліліся на набажэнстве, дзеці нядзельнай школы заспявалі калядкі і расказалі святочныя калядныя вершы для айца Аляксандра і парафіі, у адказ святар пачаставаў спадарожных цёплым чаем і смачнай выпечкай. Дзеці былі вельмі задаволеныя.

Пасля гэтага аўтобус адвёз нас у Гудзевічы.

Тут нас сустрэла беларуская хатка і літаратурны музей. Вялікую зацікаўленасць у дзяцей выклікаў бохан хлеба, “які чамусці не адламваўся”, а таксама ткацкія станкі, за якімі сядзелі маленькія дзяўчынкі і ткалі закладкі з імёнамі. Маленькія вандроўнікі задавалі шмат пытанняў і цікавіліся лістамі, якія пісалі школьнікі да славутых пісьменнікаў Беларусі. А ў фінальнай зале дзяцей сустрэў вялікі патртэт першадрукара Францыска Скарыны, побач з якім знаходзіліся патрэты Ларысы Геніюш, Міхася Явара, Яўгенія Петрашэвіча ды іншых. А на развітанне дзеці ўбачылі класікаў беларускай літаратуры – Якуба Коласа і Янку Купалу. Таксама ў гэтым музеі было шмат экспанатаў, прысвечаных Максіму Багдановічу і Цётцы.

Уразілі прыгожыя саматканыя дываны і рушнікі, адзенне, зробленае рукамі працаўнікоў музея.

Напрыканцы экскурсу дзяцей чакалі сапраўдныя беларускія калядоўшчыкі з Мядзведзем і Казою. Навучэнцы нядзельнай школы з захапленнем сачылі за калядоўшчыкамі і пры першай жа магчымасці ішлі танчыць і гуляць з Казой і Мядзведзем. За такую цікаўнасць дзеці атрымалі аладкі і цёплую гарбату.

Шлях да хат быў вельмі хуткім.

33 44 55 11111 viber-image

Комментирование запрещено